Мікіта В. Супрунчук
Да пытання пра перадачу сербскай анамастыкі па-беларуску
0. Беларускі пераклад знаходзіцца яшчэ ў часе свайго станаўлення. Аднім з пытанняў, што ставіцца самой практыкай, з’яўляецца пытанне іншамоўных слоў. Наша грамадства ўсё больш і больш інтэгруецца ва ўсясветнае, замежжа прыходзіць у кожны дом. Як слушна зазначаў Язэп Лёсік, “Няма і ня можа быць такое мовы — мовы культурнага народу, каб яна магла абысьціся толькі сваімі роднымі словамі” (Лёсік 121). Спалучыць чужыя назвы са сваёй моваю — вось у чым задача.
Мэта нашага артыкула — паспрабаваць акрэсліць некаторыя асаблівасці сербскай мовы, якія мэтазгодна ўлічваць пры перакладзе на беларускую мову.
Некалькі заўваг тэрміналагічнага парадку. Запазычванне магчыма і ў межах адной мовы — з дыялектаў у літаратурную, з аднаго стыля ў іншы. Аднак нас будуць цікавіць запазычанні з іншых моў, у прыватнасці ўласныя імёны і назвы.
1. Існуе чатыры асноўныя спосабы падачы іншамоўных уласных імяў: выкарыстанне арыгінальнага напісання, пераклад, транслітэрацыя і транскрыпцыя.
Часам назіраецца змешаная — традыцыйная — перадача: Београд — Бялград.
Арыгінальнае напісанне захоўваецца, напрыклад, пры запазычванні слоў з адной мовы лацінскай графікі ў другую мову лацінскай графікі: англ. Shakespeare (Шэкспір) ці фр. Meillet (Мейе) так і падаюцца ў харвацкім тэксце. У беларускім тэксце (асабліва навуковым, а таксама ў ранейшыя часы) сустракаюцца так званыя крылатыя барбарызмы: ab ovo, ergo, vs, non-stop, dvd і г. д. Уключэнне іншамоўных фрагментаў у гаворку можа быць абумоўленае не цяжкасцямі перакладу, а стылістычнымі мэтамі характарыстыкі персанажа.
З перакладам мы маем справу у выпадках тыпу река Бели Дрин — рака Белы Дрын, раней назва адміністрацыйнага цэнтра Ваяводзіны Нови Сад перакладалася як Новы Сад, для сербаў сталіца Аўстрыі Вена — гэта Беч (параўн. ням. Wien). Параўн. таксама: “Нейкі д’ябал прынёс на Марачу агіднае стварэнне Псягаловуху — бабу з сабачай галавою і з трыма цыцкамі, — і пасяліў у Захрыбецці, на Ліхім Месцы” (Югаславянскія казкі 125).
Пераклад сустракаецца і ў імёнах людзей. “Улічваючы, што большасць славянскіх імёнаў маюць агульнае паходжанне і прадстаўляюць сабой кананічныя імёны, запісаныя ў “Святцах”, толькі вымаўляюцца і пішуцца ў розных мовах па-рознаму ў адпаведнасці з фанетычнымі і арфаграфічнымі асаблівасцямі кожнай мовы, многія перакладчыкі лічаць магчымым славянскія асабовыя імёны і прозвішчы замяняць адпаведнымі ім па паходжанні ці блізкімі па гучанні рускімі імёнамі і прозвішчамі. Так, сербскае імя Ђура перадаецца як Юрый, Даворин — Марцін, Дора — Даша, Ђорђе — Георгій, Живан — Віталій, Илија — Ілья, Ката — Каця і г.д.” (Дмитриев, Сафронов 151). Аднак ад гэтага спосабу мэтазгодна адмавіцца з-за галоўнай функцыі ўласных імёнаў — быць ідэнтыфікатарам, адназначна акрэсліваць асобу ці мясцовасць.
Транслітэрацыя — досыць абмежаваны спосаб, які выкарыстоўваецца ў спецыяльных мэтах. Галоўныя з іх наступныя: 1) ідэнтыфікацыя асобы (на судзе, у банку, у гандлі, на пошце і да т.п.); 2) ідэнтыфікацыя суднаў далёкага плавання; 3) на геаграфічных картах і ў рознага кшталту міжнародных спісах населеных мясцовасцей, 4) міжнародных паштова-тэлеграфных зносінах; 5) у міжнародных бібліяграфіях; 6) міжнародныя праспекты, каталогі, даклады (Реформатский 531, Щерба 119) і ў камп’ютэрнай сферы. Таксама “транслітэрацыю, напрыклад, ужываюць чэхі і славакі пры перадачы ўласных імён іншых народаў” (Лучыц-Федарэц 54).
2. У беларускай мове дамінуе прынцып практычнай транскрыпцыі. “Спрошчана кажучы: практычная транскрыпцыя — гэта пералажэнне спецыяльных слоў адноў мовы ў словы іншай мовы”, “яна не мае навуковых лінгвістычных мэтаў, а прызначаная для ўводу ў тэкст іншамоўнага інакш графічна аформленага матэрыялу (уласныя імёны любога тэксту і запазычаныя новыя тэрміны), каб для гэтага не патрабавалася асаблівых “правіл чытання” ці каб яны былі патрэбныя толькі ў асобых выпадках, якія не маюць імператыўнай абавязковасці…” (Реформатский 529, 530).
3. Усе прыведзеныя спосабы мы сустракаем і пры перакладзе фальклорных тэкстаў. Паколькі беларуская тэорыя перакладу знаходзіцца яшчэ ў фазе свайго станаўлення, падаецца мэтазгодным звярнуцца да вопыту суседней ўсходнеславянскай мовы. Украінская мова, як і беларуская, неўсясветная і таксама шукае сваю пазіцыю пад немалым уплывам рускай.
Украінскія перакладчыкі спрабуюць арганічна ўводзіць сербскія запазычанні ва ўкраінскі тэкст, прылагоджваючы іх да ладу ўласнай мовы. Пры гэтым у перакладах яны імкнуцца вытрымаць зыходную цвёрдасць зычных:
Щиро два любились рідні брати,
Бег Милан із братом Драгутином (СНП 21).
Пише лист король Вукашин Жура
В білім Скадрі, на Бояні-річці… ( СНП 28).
Сон приснився Милиці-цариці… (СНП 74).
Аднак дамінуе ўсё ж тэндэнцыя прылагоджвання: заўсёды мяккае ўкраінскае ц перадаецца праз ць нават на канцы слова. Так мы атрымоўвае абсалютна немагчымыя для сербскай мовы (па гучанні) формы Шарець, Шарця, Шарцю (СНП 175 — 176).
4. У айчыннай філалогіі распрацоўка пытанняў перакладу вялася ўвесь час. Вельмі актыўна гэтыя праблемы разглядаліся ў 20 — 30-я гады мінулага стагоддзя. Гэтаму былі прысвечаны раздзелы граматык Браніслава Тарашкевіча і Язэпа Лёсіка, даклады на Акадэмічнай канферэнцыі 1926 года. Перадача запазычанняў разглядалася як вельмі прынцыповая частка правапісу, што адбілася на формах і спосабах правядзення рэформ 1933 і 1959 гадоў. (Згадаем хаця б класічную фразу: “Правапіс павінен завастрыць мову як зброю класавай барацьбы”.)
Між тым, карэктныя правілы перадачы ўласных (і агульных) назоўнікаў так і не былі выпрацаваныя за савецкім часам. Імі актыўна займалася і камісія Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ў пачатку дзевяностых, і камісія Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь у канцы дзевяностых, вялікая ўвага запазычанням надаецца і ў праекце правапісу В. Вячоркі, аднак за межы лакальных поспехаў атрыманыя наробкі не выходзяць.
5. “Уласна, тэорыя перакладу павінна зыходзіць непасрэдна з асаблівасцяў мовы арыгінала і мовы перакладу. Лад кожнай з іх абумоўлівае спецыфічныя праблемы перкладчыцкай дзейнасці, што ніяк не можа абмінацца тэорыяй” (Чарота 5). Паколькі амаль усе фанетыка-графічныя правілы практычнай транскрыпцыі будуюцца на супастаўленні дзвюх моў — мовы-крыніцы і мовы-прыемніка, —мэтазгодным падаецца пачаць з прасодыкі як інтэгральнай характарыстыкі.
Атрымаўшы ў спадчыну ад праславянскай мовы тонавы націск, новаштокаўскія дыялекты развілі складаную чатырохкампанентную сістэму меладычных націскаў: доўгасыходнага, кароткасыходнага, доўгаўзыходнага і кароткаўзыходнага — і апазіцый неакцэнтаваных доўгіх-кароткіх галосных. Іншая справа, што перакладчыку вельмі цяжка вызначыць якасную характарыстыку галоснага ў той ці іншай назве. Беларуская мова характарызуецца экспіраторным націскам і перадаць асаблівасці сербскага вымаўлення натуральным шляхам не можа. Захаванне доўгіх і кароткіх галосных у перакладзе непатрэбнае таксама з-за іх нерэлеватнасці, збыткоўнасці. Больш таго, апошнім часам гэтыя апазіцыі актыўна разбураюцца і ў самой сербскай мове (гл., напрыклад, Петровић).
Пры вызначэнні месца націску трэба памятаць: у сербскай мове ён не павінен падаць на апошні склад слова, што і трэба захоўваць па-беларуску (Мирослав — Мíраслаў, Стефан — Стэфан, Гроздана Олуић — Гроздана Олуіч ( Олуіч 6)).
6. Шукаючы адпаведнасць паміж беларускімі і сербскімі сістэмамі галосных і зычных, трэба ўважаць кардынальныя адрозненні паміж іх графікамі і арфаграфіямі. Так, калі беларускае пісьмо складовае, то сербскае гукавое; калі вядучы прынцып беларускага правапісу фанематычны, сербскага — фанетычны. Дзве гэтыя асаблівасці выяўляюцца ў тым, што ў беларускай мове актыўна дзейнічае апазіцыя мяккія-цвёрдыя і звонкія-глухія зычныя, а ў сербскай зычныя гукі заўсёды альбо мяккія, альбо цвёрдыя (незалежна ад акружэння). Другая абумоўленая гэтым з’ява: у беларускай мове галосныя фанемы значна вар’іруюцца залежна ад акружэння і формы слова, а ў сербскай амаль заўсёды выступаюць у сваіх асноўных варыянтах.
І яшчэ адна, прынцыповая, заўвага. Складанасць беларускай сітуацыі таксама ў тым, што амаль ніколі немагчыма пазбавіцца ад пасярэдніцтва рускай мовы як больш “вопытнай” у плане перакладу. Амаль заўсёды перакладчык ведае і ўлічвае рускі адпаведнік тапоніма ці антрапоніма, а ў шэрагу выпадкаў толькі ў рускамоўных даведніках можна знайсці тую ці іншаю геаграфічную назву, тое ці іншае прозвішча. Тады мы вымушаныя займацца перакладам з перакладу. Аднак вырашэнне гэтага пытанне ляжыць ў сферы не філалагічнай — у грамадска-палітычнай.
- Дмитриев П.А., Сафронов Г.И. Передача славянских имен при переводах // Теория и критика перевода. Л., 1962. С. 148 — 157.
- Лёсік Я. Граматыка беларускае мовы. Фонэтыка. Мн., 1926.
- Лучыц-Федарэц І.І. Аб напісанні чэшскіх і славацкіх уласных імён па-беларуску // Беларуская лінгвістыка. 1985. Вып. 27. С. 55 — 62.
- Олуіч Г. Смяюн і плакун / Пер. І. Чароты // Дзеці і мы. 1991. № 9. С. 6.
- Петровић Д. Две српске прозодијске норме? // Актуелни проблеми граматике српског језика: Зборник радова. Суботица; Београд, 1999. С. 228 — 231.
- Реформатский А.А. Практическая транскрипция иноязычных собственных имен // Известия АН СССР. ОЛЯ. 1960. Т. 19. Вып. 6. С. 529 — 534.
- СНП — Сербохорватьскі народні пісні / Упор. М. Гуця. К., 1970.
- Чарота І.А. Мастацкі пераклад на беларускую мову. (Асновы тэорыі і практычныя рэкамендацыі). Мн., 1997.
- Щерба Л.В. Транскрипция иностранных слов и собственных имен и фамилий // Труды комиссии по русскому языку. Л., 1931. Т. 1. С. 187 — 196.
- Югаславянскія казкі / Уклад., прадм., камент., пер. І. Чароты. Мн., 1999.
Да пытання аб перадачы сербскай анамастыкі па-беларуску / Мікіта Супрунчук // На хвалях філалогіі. Даследаванні па тэорыі літаратуры і славянскай фалькларыстыцы : Зб. арт. / пад рэд. Р.М. Кавалёвай. – Минск : Бэстпрынт, 2002. – С. 84–88.
Датум последње измене: 2020-05-24 22:34:33