Іван А. Чарота

Выдатны сербскі славіст – шчыры сябра Беларусі: Прафесару Міадрагу Сібінавічу на адвітанне

Імклівы і няўмольны рух часу на гэтым свеце ўсё часцей і часцей вымушае казаць апошняе «бывай» дарагім сябрам, блізкім прыяцелям.

А тут яшчэ той выпадак, калі жалоба і скруха абумоўліваюцца не толькі асабістым сяброўствам: у лепшы свет адышоў шчыры прыхільнік і актыўны папулярызатар нашай літаратуры і культуры за мяжой – вялікі сябар усяго беларускага народа. Гаворка ідзе пра Міадрага Сібінавіча, аднаго з самых аўтарытэтных славістаў Сербіі, усёй Югаславіі, а таксама Еўропы. Хоць і грэшную, але тым не менш любімую, зямлю пакінуў ён 24 ліпеня, адышоўшы раптоўна. Прынята лічыць, што такі адыход шчаслівы. І пэўны сэнс у распаўсюджанага меркавання ёсць. Ды ад гэтага не менш горычы і болю ў душах блізкіх людзей, якія нябожчыка любілі і якіх ён любіў, а таксама ўсіх тых, хто яго добра ведаў асабіста ці нават па кнігах, заслужана цэнячы і паважаючы. Ну а ўзмацняюцца горкія адчуванні яшчэ і дадатковымі акалічнасцямі, як у аўтара гэтых радкоў: пры тым, што наша знаёмства, сяброўства і досыць актыўнае супрацоўніцтва доўжылася амаль сорак гадоў, я не меў магчымасці адвітацца непасрэдна, вочна, і нават не змог напісаць своечасова развітальныя слова. Так што раблю гэта вось толькі цяпер, на саракавіны.

З тымі, каму не давялося ведаць гэтага вялікага навукоўца і выдатнага чалавека пры жыцці, дзялюся асноўнымі звесткамі:

Міадраг Сібінавіч (1937 - 2020), доктар філалагічных навук, прафесар, выпускнік аддзялення усходне- і заходнеславянскіх моў філалагічнага факультэта Бялградскага універсітэта, усё сваё працоўнае жыццё звязаў з гэтай навучальнай установай, паслядоўна праходзячы ступені ад выкладчыка-асістэнта да прафесара і прарэктара, кіраўніка цэнтра па навуковай дзейнасці. Не разлучаючыся з універсітэтам, прафесар доктар Сібінавіч заснаваў часопіс «Гісторыя літаратуры», выконваў абавязкі галоўнага рэдактара перыядычных выданняў «Жывыя мовы» і «Зборнік Маціцы Сербскай па славістыцы», на працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў Камітэт славістаў Югаславіі, а ў дадатак яшчэ быў і міністрам асветы Рэспублікі Сербія ажно два тэрміны.

М.Сібінавіч – вучоны з на дзіва шырокім колам інтарэсаў і вельмі значным унёскам у асэнсаванне развіцця як сербскай, іншых югаславянскіх, так і ўсіх усходнеславянскіх літаратур, у тэорыю і практыку літаратурна-мастацкага ўзаемаперакладу, у гісторыю культурных сувязей між славянскімі народамі, у славістычную кампаратывістыку. Адпаведна, паводле рэальных сваіх заслуг, з'яўляўся сапраўдным членам Маціцы Сербскай (як найважнейшай навукова-асветнай структуры Сербіі), і ганаровым доктарам Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М.В.Ламаносава (як славіст агульнаеўрапейскага маштабу).

Будучы асобай, якая сцвярджалася праз творчую працу не менш, чым праз навуку, Міадраг Сібінавіч не проста меў членства ў Саюзе пісьменнікаў і Саюзе перакладчыкаў Сербіі (Югаславіі таксама), але і выбіраўся неаднаразова ў склад іх кіраўніцтва.

Вельмі вялікія заслугі выдатны славіст СФРЮ мае ў развіцці югаслаўскай русістыкі і непасрэдна сербска-рускіх літаратурных сувязяў свайго часу. Так, ён выконваў адказную функцыю ўкладальніка сербска-харвацкамоўных зборы твораў Міхаіла Лермантава і Сяргея Ясеніна, быў аўтарам больш за 400 навуковых прац адпаведнай праблематыкі, у тым ліку кніг: «Лермантаў у сербскай літаратуры» (1971), «Руская літаратура. І - ІІ» (1976 – 1978, у суаўтарстве), «Яўгеній Анегін» Аляксандра Пушкіна» (1982), «Паэтыка і паэзія» (1990), «Руская паэзія ад барока да авангарда» (1995), «Пушкін і сербская культура» (1999), «Пушкінскі сербскі «Яўгеній Анегін» (1999), «Рускія літаратурныя крыніцы» (2000), памнажэнне светаў: Рускія пісьменнікі ў сербскай перакладной літаратуры» (2015) і шэраг іншых. Вялікую, пакуль што недаацэненую вагу мелі таксама яго працы перакладазнаўчага характару: «Арыгінал і пераклад: Уводзіны ў гісторыю і тэорыю перакладчыцкай справы» (1979), «Пра пераклад» (1979), «Новы арыгінал: Уводзіны ў пераклад» (1990), а таксама даследаванні славянскіх узаемакантактаў: «Славянскія імпульсы ў сербскіх літаратуры і культуры» (1995), «Між сусветамі: Новыя аспекты творчасці Дэсанкі Максімавіч» (1999), «Славянская вертыкаль: сербскія, рускія, беларускія і ўкраінскія літаратурнывя тэмы» (2008).

Што датычыцца заслуг прафесара Сібінавіча перад нашай культурай і літаратурай, то нельга не ўлічваць такой істотнай акалічнасці: у рэспубліках былой Югаславіі на працягу ўсёй другой паловы ХХ стагоддзя прафесійных беларусістаў увогуле не было. І вось з пачатку 1980-х гадоў такім стаў фактычна ён адзіны. Гэта іменна дзякуючы яго творчай актыўнасці і высокаму аўтарытэту ў Сербіі паступова пачала прыцягвацца ўвага да літаратуры беларускай ( а таксама і да ўкраінскай). Ніхто іншы як шаноўны прафесар Сібінавіч, з уласцівай толькі яму прафесійнай адказнасцю, узяўся перакладаць «Анталогію беларускай паэзіі» (Бялград, 1993) і пісаць прадмову да яе – першай, між іншым, не толькі на мове сербскай, але і на ўсіх югаславянскіх. Не пабаімся перабольшвання, ставячы акцэнт, што аўтарытэтнасць яго асобы забяспечвала ў значнай ступені і выхад кнігі ў шырока вядомай серыі самага старога і прызнанага выдавецтва краіны, і прыязнае стаўленне крытыкі, а затым і перавыданне ў дапоўненым выглядзе тым самым прэстыжным выдавецтвам. Варта падкрэсліць, што анталогія перавыдадзена была ў 2012 годзе. І нашы чытачы правільна здагадваюцца, што прымяркоўвалася яна да 130-х угодкаў найзначнейшых песняроў Беларусі, а таксама што зместам сваім перавыдадзеная анталогія рознабакова прадстаўляла іх творчасць. Вядома ж, у перакладзе шаноўнага М.Сібінавіча. Карыстаючыся нагодай, вельмі прыемна адзначыць і заслугу тагачаснага Пасольства Беларусі ў Сербіі, а пасла У.М. Чушава – непасрэдна. Гэта дыпламатычнае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь ініцыявала юбілейнае перавыданне, прычым арганізавала фінансавую падтрымку яго сербскімі спонсарамі. Такога, на вялікі жаль, не было раней і няма апошнім часам. Калі ж згадваць пра публічныя прэзентацыі абодвух выданняў гэтай кнігі і, адпаведна, беларускага прыгожага пісьменства ўвогуле, зноў жа ніяк нельга абмінуць роль калегі Сібінавіча. Ён стараўся арганізоўваць іх у такім фармаце, каб збіралася публіка самая што ні ёсць сур'ёзная, элітная. Немагчыма выкасаваць з памяці – пра гэта я ўжо выказваўся неаднойчы і вусна, і пісьмова, – як хораша на вечары, арганізаваным у рамках міжнароднага форуму перакладчыкаў, былі прадстаўлены нашы цудоўныя паэты двух пакаленняў – Максім Танк і Анатоль Сыс. Годнае і прыкметнае месца беларускім паэтам М.Сібінавіч адвёу і ў сваёй арыгінальнай па задуме анталогіі – «Вецер у грыве: Конь у паэзіі славянскіх народаў» (2011).

Канкрэтызуючы, адзначу, што мой дарагі сябар даволі многа перакладаў тых сучасных беларускіх паэтаў, з кім у Беларусі ці ў Сербіі пазнаёміўся. Перш і больш за ўсё – Алеся Разанава. Наколькі мне вядома, у яго назапасіліся пераклады на цэлы зборнік. Уласна, большасць перакладзенага з сучаснай беларускай паэзіі ён аддаваў для публікацыі ў чытэльных часопісах.

Беларуская праблематыка з часам пачала займаць не апошняе месца таксама ў навуковых працах Міадрага Сібінавіча. Дастаткова звярнуць увагу на прыведзеныя вышэй назвы яго кніг, а таксама на тэматыку дакладаў, навуковых артыкулаў, публікацый у перыядычным масавым друку. Некалькі яго тэкстаў гэгага роду перакладаліся ці анансаваліся і ў нас.

Між іншым, повязі сербскага славіста і перакладчыка з Беларуссю дадаткова ўмацаваліся пасля прыезду ў Мінск на Першы кангрэс беларусістаў, пасля чаго ён, на працягу 1995 -2010 гг., уваходзіў у склад кіраўніцтва МАБ. Можа, гэта і не зусім дарэчы, але ўсё ж такі дазволім сабе прыгадаць, што каля дваццаці гадоў таму ў нас выказваліся прапановы адзначыць заслугі прафесара Міадрага Сібінавіча дзяржаўнай узнагародай – медалём Францыска Скарыны, а таксама званнем ганаровага прафесара БДУ. Ні адна з гэтых прапаноў, на жаль, так і не здзейснена пры яго жыцці. Што ж, мы, беларусы, як звычайна засведчылі, якую ўвагу здольны праяўляць да сваіх адданых ды сціплых сяброў і наколькі ўмеем быць удзячнымі. Зрэшты, калега Сібінавіч дзесяцігоддзі шчыраваў на ніве беларусістыкі і сербска-беларускіх літаратурных кантактаў і без такой падзякі. Як, дарэчы, таксама яго пераемніца – руплівая Даяна Лазаравіч.

Ну а цяпер, калі трэба адвітвацца, для аўтара гэтых радкоў прыдатным можа быць сербскае слова «опроштај». Яно з двума значэннямі: «развітанне» і «прабачэнне». І хоць з-за нагоды абодва напаўняюцца сэнсам цяжкім, правільней будзе мець на ўвазе іх сукупнасць.

Іван Чарота

На Растку објављено: 2022-03-09
Датум последње измене: 2022-03-13 13:00:51
 

Пројекат Растко / Пројекат Растко Белорусија