Іван А. Чарота

Уступная прамова для Праекта Растка – Беларусь

Больш як два дзесяцігоддзі існавання праекта «Растка» паказалі, што ён вырашае задачы, важныя не толькі для Сербіі. Пра гэта яскрава сведчыць змест падпраектаў ці падбібліятэк, у якіх рэгулярна змешчаюцца надзвычай каштоўныя і для спецыялістаў, і для шырокага кола інтэрнет-карыстальнікаў матэрыялы. Прычым доступ да іх свабодны і, што не менш важна, бясплатны.

Выключную значнасць, на наш погляд, мае рознааспектны выхад сербскай культуры ў шырэйшыя кантэксты, а іменна – духоўна-культурныя ўзаемасувязі сербаў з іншымі народамі свету як у гістарычным мінулым, так і ў сучаснасці.

Кола такіх повязяў па праву склалі румыны, мадзяры, балгары, палякі, лужыцкія сербы. Сваё месца ў гэтым шэрагу, безумоўна, павінны заняць і ўсходнія славяне. Але калі сербска-руская і сербска-украінская бібліятэкі закладзены даўно, то, на жаль, сербска-беларускай да гэтага часу не існавала. Праўда, нікога за гэта нельга вінаваціць, хіба што аўтара гэтых радкоў, які самую ідэю вітаў ад пачатку і на прапанову доктара Дэяна Айдачыча нават згаджаўся ўзяцца за гэтую важную справу, але, па прычыне вялікай занятасці, гэтага не зрабіў.

Цяпер, дзякуй Богу, з’явіліся шанцы ліквідаваць такі прыкры прабел. Складваецца калектыў працаўнікоў, якія гатовы прыкласці ўсе намаганні, каб ўзаемакантакты сербаў і беларусаў актыўна развіваліся, а інфармацыя пра іх распаўсюджвалася як мага шырэй.

Праф др Іван Чарота
галоўны рэдактар Праекта Растка – Беларусь
замежны член / акадэмік САНУ

На Растку објављено: 2022-03-09
Датум последње измене: 2022-03-09 14:04:39
 

Пројекат Растко / Пројекат Растко Белорусија